«СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ» СІСТЭ́МА ВО́ДНЫХ ШЛЯХО́Ў,
найбуйнейшы водны шлях у Паўн. Амерыцы. Агульная даўж. 3,77 тыс. км Уключае Вялікія азёры (Мічыган, Гурон, Эры, Антарыо), ніжняе цячэнне р. Св. Лаўрэнція (320 км, у Канадзе), злучальныя каналы ў ЗША даўж. 345 км (Давенпарт — Чыкага, 185 км; Ніягара — Сірак’юс, 160 км) і Канадзе (Уэленд, воз. Эры — Антарыо, 45 км). Пабудаваны ў 1959, рэканструяваны ў 1970—72. Буйнейшыя парты: Манрэаль, Квебек, Таронта (Канада), Дэтройт, Чыкага (ЗША). Акіянскія судны ідуць без перавалкі праз Манрэаль, Таронта ў Атлантычны ак. Сістэма звязана таксама з р. Місісіпі.
т. 14, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)